Ой, ладачкі-ладкі, надышлі Калядкі!
Надыходзіць чароўны
час, калі людзі могуць варажбіць на будучыню, прыходзіць у госці адзін да
аднаго ды атрымліваць салодкія пачастункі. Час гэты называецца Калядамі.
А якое свята без кніг? Давайце возьмем у рукі кнігу "Беларускія народныя
святы для дзяцей" ды пазнаёмімся бліжэй з самым вясёлым народным звычаем. Каляды ў беларусаў-язычнікаў былі адным з самых містычных і самых вясёлых свят. Увесь святочны калядны перыяд уключаў у сябе 12 дзён паміж самімі Калядамі (7 студзеня) і Вадохрышчам (19 студзеня), а ў каталіцкім хрысціянстве — з поўдня 25 снежня да раніцы 6 студзеня. Свята звязвалі з паваротам зімы на лета і нараджэннем новага сонца. Яго ўяўлялі ў вобразе дзіцяці, выкрадзенага вядзьмаркай Зімой і ператворанага ў ваўка. Гарачыя промні маладога сонца быццам спальвалі ваўчыную скуру і вызвалялі дзіця з палону цёмных сіл. Першы дзень Калядаў лічыўся пачаткам астранамічнага новага года. Ён меў глыбокі свяшчэнны сэнс, бо азначаў для нашых продкаў адраджэнне, пераход ад смерці да жыцця. У гэты дзень даўжыня светлавога дня пачынала павялічвацца і час паварочваў на вясну. Па павер’ях, з пачаткам Калядаў душы памерлых пачыналі вяртацца з таго свету, а нячыстая сіла і ведзьмы — спраўляць шабаш. Існуюць розныя версіі паходжання слова «Каляды», але сярод найболып верагодных: ад лацінскага «календа» — першы дзень кожнага месяца ці ад славянскага слова «кола», якое ў старажытнасці абазначала сонечны дыск. Калядой называлі дзень зімовага сонцавароту (днём летняга было Купалле), язычніцкае боства сонца і ўвасабленне навагодняга свята, прыезду якога нецярпліва чакалі ў вёсцы. Дарэчы, Калядой для нашых продкаў былі і накалядаваныя падарункі ў выглядзе каўбас, кумпякоў, сала, прадуктаў з зерня і іншага. Некалі называлі Калядой і спецыяльна адкормленую да Калядаў свінню, якую рэзалі перад самім святам. Сёння Каляда, ці Каляды, — менавіта святочны перыяд. Сярод іншых назваў свята: Калядныя святкі, Зімовыя святкі. Паколькі заміранне прыроды на восеньска-зімовы перыяд і ажыванне яе ў вяснова-летні нашы продкі звязвалі з міфічнымі сіламі, добрымі і злымі, то з дапамогай магічных дзеянняў і абрадаў яны стараліся ў калядны перыяд іх улагоджваць і прасіць спрыяння ў сваёй цяжкай працы ці хаця б не мяшаць. 3 прыходам хрысціянства на нашу зямлю ўтварыліся дзве традыцыі святкаванняў: праваслаўная і язычніцкая. Каляды былі падпарадкаваны рэлігійнаму святу Нараджэння Сына Божага Ісуса Хрыста — святу Раства, і любімыя народам вясёлыя традыцыі былі крыху зменены на царкоўны лад, а многія язычніцкія абрады сталі асуджацца. 3 прыходам хрысціянства нашы продкі сталі называць Каляды і «святымі вечарамі», звязваючы іх з нараджэннем Божага Сына. Як рыхтавалісяДа Калядаў
рыхтаваліся загадзя і старанна, імкнучыся рабіць усё па традыцыі правільна, каб
не заслужыць сабе пакарання ад вышэйшых сіл і Усявышняга. Недзе за тыдзень прыбіралі і вымывалі хату, упрыгожвалі яе сваімі рукамі (тканымі і вышыванымі вырабамі, яловымі галінкамі, выраблялі выцінанкі і саламянага «павука»), рамантавалі гаспадарчыя пабудовы, стараліся пашыць новае адзенне, разлічыцца з пазыкамі, дарабіць усе пачатыя справы. Моладзь майстравала маскі і карнавальныя касцюмы. У гэты час дзяўчаты і жанчыны хадзілі на вячоркі, дзе, спяваючы перадкалядныя песні, пралі, ткалі, шылі і вышывалі. Вечарам апошняга дня ўсе мыліся і апраналіся ў чыстае. Калядам папярэднічаў пост, які прадугледжваў устрыманне не толькі ад скаромнай ежы, але і ад весялосці і залішняй жыццёвай актыўнасці. Гэта быў час думак пра святое — нараджэнне Божага Сына, які прынёс людзям святло духоўнасці і дабрыні. Перад Калядамі праводзілі шэраг магічных дзеянняў дзеля поспехаў у гаспадарцы ў новым годзе. Засцілалі падлогу ў хаце саломай, падкідаючы яе да столі, каб у новым годзе такімі высокімі выраслі каласы на ніве і быў багацейшы ўраджай жыта. Ножкі стала туга звязвалі, каб жывёла ў новым годзе не скакала цераз загародкі і не калечыла ногі. Клубкі пражы ў хаце вельмі туга сцягвалі, каб капуста ў новым годзе не была чарвівай. Замест звычайнай для нас навагодняй яліны ў старадаўнія часы ў першы дзень Калядаў у хату ўносілі неабмалочаны сноп жыта або пшаніцы, упрыгожаны яркімі стужкамі. У некаторых мясцінах яго называлі таксама, як і свята, Калядой. Па заканчэнні свят частку зерня з яго пакідалі для веснавой сяўбы, частку ж аддавалі з’есці хатняй жывёле. У некаторых мясцінах такі сноп замяняла саламяная лялька, якая сімвалізавала сабой нованароджаны год. Часам на покуці рабілі гняздо з сена, куды ставілі куццю (калядную кашу) у гаршку і бохан хлеба. Так сімвалічна стараліся запраграмаваць сабе дабрабыт, здароўе і шчасце на цэлы год. У вечаровы і начны час на Каляды варажылі на ўраджай, прыплод жывёл, здароўе, дабрабыт, шлюб і колькасць дзяцей. У хрысціянскія часы варажба стала асуджацца царквой, бо гэта было перажыткам язычніцтва.
Падчас традыцыйнай вячэры-Куцці варажыла ўся сям’я, выцягваючы з-пад абруса сцяблінкі сена ці саломы: доўгая прадказвала гаспадарам і іх дзецям, што лён уродзіцца доўгім, а старым — што іх век будзе доўгім, кароткая — наадварот. Уторквалі лыжку ў гаршчок з куццёй і глядзелі: калі яна стаяла, не хілячыся на бок, то чакалі, што ў новым годзе будзе багаты ўраджай збожжа. Тое самае абяцаў і поўны (а не пусты) колас, выцягнуты з пастаўленага ў чырвоным куце снапа.
У першы дзень свята з асаблівым хваляваннем чакалі першага госця: калі гэта быў мужчына, то яго прыход абяцаў шанцаванне і дабрабыт у новым годзе, прыход жанчыны — непрыемнасці. Калі ў сям’і была цяжарная, гэта прадказвала пол будучага дзіцяці.
Было шмат спосабаў для маладых незамужніх дзяўчат даведацца, ці пойдуць яны ў гэтым годзе замуж. Некалькі дзяўчын абдымалі рукамі плот і лічылі ў ім колькасць дошак ці прыносілі вязанку дроў і лічылі ў іх паленцы, каб даведацца, будзе цот ці лішка. Ад гэтага залежала, будзе дзяўчына ў пары ў гэтым годзе ці не.
Маладыя прыгажуні клалі аладкі перад сабакам ці зерне перад пеўнем і глядзелі, чые першыя з’есць жывёліна, тая і пойдзе першай замуж і будзе шчаслівай у жыцці.
Дзяўчына выходзіла на вуліцу і пыталася імя першага стрэчнага мужчыны: такім жа, верыла, будзе і імя яе мужа. Стоячы на ўзгорку, прасейвалі снег праз сіта, каб пачуць, дзе забрэша сабака, — у той бок, лічылі, і замуж возьмуць. Дзяўчына глядзела на свечку праз пярсцёнак, каб там убачыць свайго жаніха. Варажылі і з люстрам, спрабуючы ўбачыць суджанага ў ім. Але гэта лічылася небяспечным, бо верылі, што ў люстры мог паказацца і чорт.
Паклаўшы сабе пад падушку мужчынскі грабянёк ці рэмень, дзяўчына клалася спаць у адной панчосе і казала: «Хто прыйдзе маю ножку разуваць?» Каго яна сніла, той, верылі, і будзе яе будучым мужам. Пад ложак маглі ставіць «масток» — міску з вадой, з пакладзенай цераз яе лыжкай. Дзяўчыне павінен быў прысніцца хлопец, які перавядзе яе цераз раку, — ён і будзе суджаным.
У калядны перыяд забаранялася працаваць, асабліва ствараць рамесныя вырабы. Напрыклад, нельга было прасці, шыць, ткаць, плесці кошыкі. Лічылася, што ў выпадку парушэння гэтага правіла ў гаспадарцы пачнуцца непрыемнасці, напрыклад прападзе карова ці свіння. Можна было рабіць толькі самае неабходнае — гатаваць ежу і карміць хатнюю жывёлу.
Калядныя прыкметы
Неба ў густых зорах ў Калядную ноч і шмат шэрані на дрэвах прадказвалі летам шмат збожжа, добры прыплод хатняй жывёлы ў гаспадарцы і многа грыбоў у лесе. Калі лясныя сцежкі не замятаў снег, то чакалі шмат чарніц. Верылі: калі на Каляды ішоў ціхі, спакойны снег, то будуць надзвычай добра пладзіцца пчолы; калі ішоў мокры снег, то летам усё будзе добра радзіць; калі была вялікая завіруха, то летам чакалі часты град; калі было суха, без дажджу і снегу, то рыхтаваліся да засухі і неўраджаю.
|
Комментариев нет:
Отправить комментарий