Сёння, у Дзень Волі, святкуе народзіны беларускі паэт, перакладчык і педагог Уладзімір Папковіч. Дата шаноўная — 81 год. Але хто яму столькі дасць?
Спадар Уладзімір па-ранейшаму шмат працуе. Пастаянна ў цэнтры ўсіх грамадскіх, культурніцкіх і свецкіх падзей — там, дзе збіраецца ўвесь віцебскі арт-бамонд. Ён так шчыра і прыязна ўсміхаецца людзям, што не ўсміхнуцца ў адказ проста нельга. Моладзь дужа яго любіць і ходзіць за ім літаральна натоўпамі. Бо гэта выкладчык ад Бога. Патрабавальны, але й спагадлівы. Мудры, але не зануда. Нават вядзе старонку ў Фэйсбуку.
Напярэдадні дня нараджэння Уладзімір Антонавіч даў інтэрв'ю TUT.BY.
Пра працу
Педагагічнай працы Папковіч аддаў амаль 60 год. 34 з іх ён працуе выкладчыкам нямецкай мовы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. Машэрава (раней — педінстытут).
— На пенсію я пайшоў у 75 гадоў. Тры гады прабыў дома. Не скажу, што сумаваў па працы. Бо займаўся перакладамі, пісаў вершы, выдаваў кніжку, карацей, не сядзеў без справы. А пасля патэлефанавалі з універсітэта: «Нам трэба выкладчык, прыйдзіце, калі ласка». Я і вярнуўся. Калі ты ўсё жыццё прапрацаваў педагогам, то цягне — да моладзі, да студэнтаў. Яны цудоўна да мяне адносяцца, ды і я з імі сябрую.
Зараз у мяне 30 гадзін у тыдзень. Гэта цяжка. Раней працаваў у другую змену, а тут даводзіцца ўставаць раніцай — а 6-й ці нават раней. Да таго ж шмат папер, шмат патрабаванняў ад выкладчыкаў і невялікі заробак — за 1,25 стаўкі выходзіць недзе каля 3 мільёнаў рублёў. Працую, бо паабяцаў. Але сёлета — апошні навучальны год, потым пайду ўсё ж на пенсію.
Пра творчасць