вторник, 22 марта 2016 г.


5 нечаканых фактаў пра Івана Мележа

У маладосьці складаў вершы, але стаў вялікім паэтам менавіта ў прозе. Стваральнік дзівосна-баляднай «Палескай хронікі», роўнай па сваёй паэтычнай глыбіні «Новай зямлі». Назвы яго твораў зьдзіўляюць сваёй мэтафарычнай знакавасьцю: «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі. Сьнежань». Як і яго любімы Максім Багдановіч, захоўваў унутраную адзіноту і пакутаваў на сухоты. 8 лютага яму споўнілася б 95 гадоў.

Да зьяўленьня «Людзей на балоце» беларускія пісьменьнікі ставіліся да яго паблажліва

У дзёньніках Барыса Сачанкі знаходзім: «Я ня вельмі цаніў яго дагэтуль. Ранейшыя творы здаваліся надуманымі, далёкімі ад праўды. Таму „Людзей на балоце“ пачаў чытаць без асаблівай ахвоты. 20-40 старонак не захапілі. Сказаў нават нейкую недарэчнасьць, Я. Брыль падтрымаў: „Іван можа, глядзі, скарачай“ (...) Вялюгін пасьмяяўся: відаць, лепей было б, каб раман згарэў (у Мележа быў пажар у кватэры, і раман сапраўды ледзь не згарэў). Але прачытаў 100, 200, 300 старонак — Божа мой, якая проза! Пасьля К. Чорнага нічога падобнага не было. Сказаў у рэдакцыі гэта — скептычна ўспрынялі: маўляў, малады хлопец, што ён яшчэ разумее ў літаратуры. Ад Мележа ніхто не чакаў, што ён напіша што вартае».

Яго анёлам-ахоўнікам была цешча

Паводле ўспамінаў Івана Шамякіна: «Іван Паўлавіч неаднойчы казаў мне: „У тым, што я ня толькі жыву, але і працую, большая заслуга Клаўдзіі Іванаўны, чым дактароў“. Дваццаць пяць гадоў строгага рэжыму і строгай дыеты — гэта патрабавала надзвычайнай сілы волі ад хворага. І гэта подзьвіг (...) для таго, хто забясьпечваў такі рэжым, гатаваў дыету, адварваў лекавыя травы. Іван Паўлавіч прачынаўся ў чатыры-пяць гадзін раніцы. Як толькі рыпалі дзьверы ў кабінэце, тут жа падхоплівалася Клаўдзія Іванаўна, бясшумна ішла на кухню, бясшумна гатавала чай, бясшумна падавала пісьменьніку на яго рабочы стол». Дачка Людміла згадвала, што гаспадарка дома цалкам трымалася на бабулі, якая і гатавала, і купляла, і мыла, і прыбірала.



Крытычна выказваўся пра Быкава, Караткевіча, Шамякіна


«...у аповесьці „Праклятая вышыня“ Быкаў, хоць і не ва ўсім з посьпехам, паспрабаваў вырвацца з палону тых схем, якія прывялі пісьменьніка да творчай няўдачы ў аповесьці „Мёртвым не баліць“. (...) Ня ўсё ўдалося В. Быкаву і ў апошніх аповесьцях: так, па аповесьці „Сотнікаў“ аўтару справядліва рабіўся закід, што героі яго як бы адасоблены ад жыцьця, (...) амаль не адчуваецца дзейнасьць партызанскай брыгады, таварышаў па зброі. Ёй шкодзіць камэрнасьць»; «...здольны крытык А. Яскевіч, па-мойму, ранавата піша пра таленавітага празаіка Ў. Караткевіча, што творы яго «зь цягам часу, магчыма, стануць у адзін шэраг зь вядомымі гістарычнымі хронікамі Вальтэра Скота (...), Генрыха Сянкевіча (...), Алаіса Ірасека...»; «І. Шамякіну не ва ўсім удалося рашыць складаную задачу стварэньня буйнога вобраза, не заўсёды дасягае аўтар посьпеху, калі імкнецца пранікнуць у сьвет пачуцьцяў і думак героя».


Яго любімы занятак — слухаць «Песьняроў» і гаварыць пра літаратуру


Дачка Людміла ўспамінала, што яе бацька быў абыякавы да заняткаў спортам, без вялікай ахвоты хадзіў на опэру і балет, але вельмі любіў творчасьць «Песьняроў», а таксама духоўна натхняўся, калі размаўляў пра літаратуру: «Часто папа говорил: „Всё. Пойду поговорю о литературе“. Набирал по телефону того или иного писателя (в основном он дружил с теми, кто был младше его) и беседовал о Кузьме Черном, Лукаше Калюге, Максиме Горецком и других своих любимых авторах. В доме тогда царила полная тишина, такой разговор мог длиться часами.»


Скептычна ставіўся да кароткіх раманаў і горача адстойваў права беларускай літаратуры на «эпапэйнасьць»


Эстонскі перакладчык Олеў Йыгі ўзгадваў, як яны спрачаліся пра тое, якім павінен быць раман: «Я настойваў на тым, што форма сучаснай прозы павінна даваць больш прастору, больш „паветра“ для чытацкай фантазіі, і таму пісьменьніку ня варта залішне захапляцца падрабязнымі апісаньнямі. Іван Паўлавіч жа абараняў традыцыйную, клясычную форму, сьцьвярджаючы, што недаказанасьць думкі часам можа прывесьці да няправільнага вытлумачэньня аўтарскай ідэі»; у адным з артыкулаў Мележ пісаў: «Я (...) думаю, што эпічныя раманы рана адсылаць у архіў. Час наш эпічны: які яшчэ жанр можа з такой паўнатой паказаць складанасьць, узаемазьвязанасьць і шырыню жыцьця кожнага з герояў, як эпічны раман?»

Комментариев нет:

Отправить комментарий