среда, 30 марта 2016 г.

Сёння, у Дзень Волі, святкуе народзіны беларускі паэт, перакладчык і педагог Уладзімір Папковіч. Дата шаноўная — 81 год. Але хто яму столькі дасць?

Фото: Игорь Матвеев
Спадар Уладзімір па-ранейшаму шмат працуе. Пастаянна ў цэнтры ўсіх грамадскіх, культурніцкіх і свецкіх падзей — там, дзе збіраецца ўвесь віцебскі арт-бамонд. Ён так шчыра і прыязна ўсміхаецца людзям, што не ўсміхнуцца ў адказ проста нельга. Моладзь дужа яго любіць і ходзіць за ім літаральна натоўпамі. Бо гэта выкладчык ад Бога. Патрабавальны, але й спагадлівы. Мудры, але не зануда. Нават вядзе старонку ў Фэйсбуку.
Напярэдадні дня нараджэння Уладзімір Антонавіч даў інтэрв'ю TUT.BY.

Пра працу

Педагагічнай працы Папковіч аддаў амаль 60 год. 34 з іх ён працуе выкладчыкам нямецкай мовы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. Машэрава (раней — педінстытут).
— На пенсію я пайшоў у 75 гадоў. Тры гады прабыў дома. Не скажу, што сумаваў па працы. Бо займаўся перакладамі, пісаў вершы, выдаваў кніжку, карацей, не сядзеў без справы. А пасля патэлефанавалі з універсітэта: «Нам трэба выкладчык, прыйдзіце, калі ласка». Я і вярнуўся. Калі ты ўсё жыццё прапрацаваў педагогам, то цягне — да моладзі, да студэнтаў. Яны цудоўна да мяне адносяцца, ды і я з імі сябрую.
Зараз у мяне 30 гадзін у тыдзень. Гэта цяжка. Раней працаваў у другую змену, а тут даводзіцца ўставаць раніцай — а 6-й ці нават раней. Да таго ж шмат папер, шмат патрабаванняў ад выкладчыкаў і невялікі заробак — за 1,25 стаўкі выходзіць недзе каля 3 мільёнаў рублёў. Працую, бо паабяцаў. Але сёлета — апошні навучальны год, потым пайду ўсё ж на пенсію.

Пра творчасць

— Мая першая кніжка выйшла, калі мне было ўжо 43 гады. У літаратуру я прыйшоў так. Падчас вайны ў нашай хаце ў вёсцы жылі два маладыя хлопцы, партызаны-радысты, яны патрымлівалі сувязь з Масквой. Аднаго з іх звалі Мікола Ваданосаў. Потым ён стаў вядомым беларускім дзіцячым пісьменнікам. Неяк мая сястра Леаніла, настаўніца, была ў Мінску і зайшла да Міколы ў выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе ён працаваў. І кажа: «Коля, брат піша вершы, але ён такі, што нікому амаль іх не паказвае. Можа, вы іх паглядзіце?». Ваданосаў адказвае: «Няхай дасылае. Я іх глядзець не буду, я ж празаік, а во сядзіць Грыша Барадулін, ён і пачытае».
З Рыгорам Барадуліным. Фота: уласны архіў героя
Злева направа: літаратары Міхаіл Рыўкін, Анатоль Канапелька, Давід Сімановіч, Васіль Быкаў, Уладзімір Марудаў, Маіна Бабарыка, Уладзімір Хазанскі, Уладзімір Папковіч. Фота: уласны архіў героя
Барадулін выпусціў у свет маю першую кніжку. Гэта быў мой хросны бацька ў літаратуры. Мы з ім пасябравалі. Ён мне казаў: «Ты з Міншчыны, а жывеш у Віцебску, а я з Віцебшчыны, а жыву ў Мінску. Вось такія мы з табой землякі». Я любіў Рыгора Барадуліна і як паэта, і як чалавека. Няхай гэта гучыць некалькі саманадзейна, але мне здавалася, што ў нас ёсць, хоць маленькая, роднаснасць душ.
А перакладамі мне прапанаваў займацца Янка Брыль. У той жа час прапагандавалі беларускую мову. І першае, што мне даручылі перакласці для выдавецтва «Мастацкая літаратура», былі вершы Ёганэса Роберта Бэхера. Гэта быў 1985 год. А ў 1994 годзе пераклаў «Тры таварышы» Рэмарка. Я вельмі гэтага хацеў.
Але гэта быў ужо зусім іншы час, і атрымаў я за гэту працу вельмі мала. Ці давёз я тыя грошы дадому? (смяецца). Тады ўсе літаратары так жылі. Памятаю, Васіль Быкаў у той час напісаў, што атрымаў за сваю кніжку столькі грошай, што змог толькі заправіць машыну. А напрыканцы 70-х, за першы зборнік вершаў, я атрымаў 900 рублёў. Гэта было нямала. Сярэдні заробак тады быў недзе 120 рублёў. А тут раптам амаль тысяча!

Пра студэнтаў

— Як падбіраю ключыкі да студэнтаў? Па-першае, вялікі вопыт. З 1958 года, пасля вучобы ў інстытуце замежных моў (зараз — лінгвістычны ўніверсітэт), іншай працы, акрамя педагагічнай, я амаль не ведаў. Усё жыццё прайшло ў школе, у тэхнікуме, ва ўніверсітэце…
Уладзімір Папковіч са сваімі студэнткамі. Фота: уласны архіў героя
Лічу сябе патрабавальным выкладчыкам. Калі чалавек выбраў гэту прафесію, то трэба вучыцца, трэба цягнуцца. Замежная мова, асабліва нямецкая, — цяжкі прадмет. Як музыкай ці маляваннем трэба займацца штодзень, так і замежнай мовай.
Цяперашняя моладзь не вельмі разумее: для чаго старацца? Я люблю ім чытаць натацыі, прысвечаныя выхаванню. Шукаю розныя падыходы да сумлення. Маё ж прозвішча — Папковіч. Магчыма, у нашым родзе быў святар. І магчыма, таму ў мяне такое памкненне да асветы, да духоўнасці. Увогуле я першы з нашай сям'і і ўвогуле з вёскі, хто атрымаў вышэйшую адукацыю. З вялікімі цяжкасцямі, бо пасля вайны вучыцца было нялёгка.
Са студэнтамі Віцебскага індустрыяльнага тэхнікума. Фота: уласны архіў героя

Пра Фэйсбук

— У Фэйсбуку ў мяне каля 800 сяброў. Сярод іх шмат маіх выпускнікоў, якія жывуць і ў Амерыцы, і ў Ізраілі, і ў розных краінах Еўропы (пераважна, у Германіі). І яны неяк за мяне трымаюцца…
З мастаком Уладзімірам Літвінам. Фота: уласны архіў героя
Кампутар у мяне з’явіўся досыць даўно. Я 25 гадоў ездзіў у Германію і ўвесь час жыў у адной і той жа сям'і. Аднойчы гаспадары паставілі мне ў пакой кампутар і прынтар. Паказалі, як карыстацца. І мне спадабалася: тут напісаў, тут жа надрукаваў - і вось табе гатовы дапаможнік на заняткі. Тым больш што ад рукі я ўжо даўно не пішу, бо да кампутара карыстаўся друкаванай машынкай. Друкаваў на трох мовах: па-нямецку, па-беларуску, па-руску.
Трохі пазней асвоіў інтэрнэт: да мяне прыйшоў муж маёй студэнткі, наладзіў мне ўсё ў кампутары і навучыў, дзе што. Зарэгістраваўся ў Фэйсбуку. І зноў мне ўсё вельмі спадабалася. Надрукаваў верш — і ў цябе адразу ёсць чытачы. З кніжкі ці будзе столькі?
Але ўпэўніўся, што адзін тэкст, без карцінкі, не вельмі прываблівае людзей. А вось калі ты яшчэ дадасі сваю фотакартку, то лайк паставяць! У соцсетках зручна рабіць і аб’явы. Зараз не трэба тэлефанаваць кожнаму: прыйдзі да мяне на вечарыну ці сустрэчу. Дастаткова зрабіць пост у Фэйсбуку. І ўжо дзясяткі, а то й сотні людзей ведаюць пра тваё мерапрыемства.
Сярод маіх «фэйсбучных» сяброў ёсць, канешне, такія, каго я асабіста не ведаю. Але ў асноўным знаёмыя, з кола інтэлігенцыі. Але калі хто пачынае лаяцца матам ці, прабачце, выпендрывацца, я яго выдаляю з сяброў. І не тлумачу чаму.

Пра родную мову

— Беларуская мова — гэта ад нараджэння. Я ж заходнік. Мой бацька — Антось Іванавіч нарадзіўся ў 1892 годзе ў вёсцы, дзе вырас і я — Дварэц, тады Хаценчыцкай воласці Віленскай губерні. Маці Вольга Антонаўна родам з суседняй вёскі Зачарная. Зараз гэтыя мясціны належаць да Вілейскага раёна. А ў 1921 годзе, пасля Рыжскай мірнай дамовы, наша тэрыторыя адыйшла «пад Польшчу», і вёска Дварэц апынулася каля самай мяжы (2 км) на заходнім баку.
Аўтограф ад Рыгора Барадуліна на ягонай кнізе, якую паэт падарыў Уладзіміру Папковічу. Фота: уласны архіў героя
Польскай мовы ў нашай ваколіцы не ведалі, гучала толькі беларуская мова. На ёй размаўлялі і дома, і ўсюды. Вось прыкладна так, як я зараз гавару. І школы былі беларускія. Калі я паступіў вучыцца ў Мінск, трэба было пераходзіць на рускую мову. Гэта было няцяжка, бо я ўсё ж прыроджаны філолаг. Да таго ж вельмі шмат чытаў! Да 20 год, пакуль не кінуўся ў розныя прыгоды — каханне і ўсё астатняе (смяецца) — перачытаў ўсе галоўныя шэдэўры сусветнай літаратуры, у тым ліку рускіх класікаў. Бывала, што чытаў нешта, ні чарта не разумеў, як напрыклад, «Яўгена Анегіна». Але ж чытаў да канца. Такая была вялікая прага да кніг!

Пра Віцебск

— Я заўсёды цёпла ўзгадваю пра Мінск сваёй маладосці. Мне было там вельмі ўтульна: ён быў па-сяброўску вясёлым і добрым, беларускім і яшчэ вясковым, няхай не будзе гэта нікому ў крыўду. Бо будавалі ж Мінск былыя вяскоўцы, і вучыліся там у асноўным сялянскія дзеці.
Фото: Игорь Матвеев
Але большая частка майго жыцця прайшла ў Віцебску. Я пераехаў сюды ў 1966 годзе. І вельмі цяжка прывыкаў да Віцебска: тут зусім іншая ментальнасць, чым на маёй радзіме. Але гэты горад даў мне многае. Я далучыўся да мясцовай культуры, а яна вельмі багатая.
А што я даў Віцебску? Працаваў. Думаю, прынёс нейкую карысць людзям — даваў ім асвету і выхаванне. Аднойчы літаратар і журналіст Сяргей Рублеўскі напісаў пра мяне, што я «народны дыпламат». Меў на ўвазе, што я ладзіў паездкі ў Германію. Студэнты ездзілі на моўную практыку, а шмат хто з віцебскай інтэлігенцыі - мастакі, музыкі, артысты, пісьменнікі, журналісты, паглядзелі, як там — за мяжой. Мой сябар — жывапісецФелікс Гумен, жартуе, што «Папковіч многім паказаў Еўропу».
Дарэчы, трапіць за мяжу ў 90-я было нялёгка. Трэба было мець добрую характарыстыку з месца вучобы ці працы. Потым яна ішла ў райкам, потым, відаць, у пэўныя органы… І калі ўсе прапускалі - ты ехаў. Пашпарт выпісвалі на адну паезку, а потым яго забіралі.
Але гэта быў такі час, калі маю ініцыятыву не адвяргалі. Мы стварылі тут беларуска-нямецкае таварыства. Я дасылаў у Германію запрашэнне, яго ўлічвалі ў нашым пасольстве, чалавеку выдавалі візу, і ён спакойна прыязджаў сюды. Часта немцы бывалі ў Віцебску цэлымі групамі, і я ішоў працаваць да іх перакладчыкам. І ўвесь час пытаўся:«А ці нельга прывезці да вас сваіх студэнтаў, каб яны ўбачылі жывога немца і пачулі жывую мову?». Я не хвалюся гэтай сваёй дзейнасцю, проста гэта вядомы факт.

Пра крэда

— Усе мы ведаем у тэорыі, што так і гэтак рабіць нельга, што гэта блага. Але на практыцы возьмеш і паступіш няправільна. Зараз мы са студэнтамі праходзім тэму «Рэлігія». І разважаем: гэта ж якую вялікую волю чалавеку трэба мець, каб выконваць усе запаветы! Каб ніколі не здрадзіць, не зманіць, нідзе не спатыкнуцца, не памыліцца. Гэта ж так цяжка! Таму я не хачу гаварыць высокія словы пра прынцыпы. У кожнага яны свае.
Фото: Игорь Матвеев

Пра волю

Адзін з вершаў Уладзіміра Папковіча так і называецца — «Пра волю»:
Ці ў лесе, ці ў лузе, ці ў полі -
Гэта яшчэ не на волі.
Ці на спякоце, ці ў золі -
Гэта яшчэ не на волі.
На шпацыры ці ў завуголлі -
Гэта яшчэ не на волі.
Ці з песняй, ці ў дзікім скуголлі -
Гэта яшчэ не на волі.
Калі ж мы бываем на волі?
Без чыстай душы — аніколі.

Источник: http://news.tut.by/society/489763.html?utm_source=news-right-block&utm_medium=relevant-news&utm_campaign=relevant-news

Читать полностью: http://news.tut.by/society/489763.html

Читать полностью: http://news.tut.by/society/489763.html

Читать полностью: http://news.tut.by/society/489763.html

Читать полностью: http://news.tut.by/society/489763.html

Читать полностью: http://news.tut.by/society/489763.html


Читать полностью: http://news.tut.by/society/489763.html

Читать полностью: http://news.tut.by/society/489763.html

Читать полностью: http://news.tut.by/society/489763.html

Читать полностью: http://news.tut.by/society/489763.html

1 комментарий:

  1. Мяне завуць Таццяна Караткевіч, форма, Мінская вобласць, Беларусь. Пасля 12 гадоў шлюбу я і мой муж былі ў адной ці іншай сварцы, пакуль ён нарэшце не пакінуў мяне і пераехаў у Каліфорнію, каб пабыць з іншай жанчынай. Я адчуваў, што маё жыццё скончылася, і мае дзеці думалі, што больш ніколі не ўбачаць бацьку. Я стараўся быць моцным толькі для дзяцей, але я не мог кантраляваць болі, якія мучаць маё сэрца, і маё сэрца было напоўнена смуткамі і болямі, таму што я сапраўды закахаўся ў свайго мужа. Кожны дзень і ноч я думаю пра яго і заўсёды хачу, каб ён вярнуўся да мяне, я быў вельмі засмучаны, і мне была патрэбна дапамога, таму я шукаў дапамогу ў Інтэрнэце, і я наткнуўся на вэб-сайт, які прапанаваў доктару Осагіедзе дапамагчы хутка вярнуцца назад . Так што я адчуў, што трэба паспрабаваць. Я звязаўся з ім, і ён сказаў мне, што рабіць, і я зрабіў гэта, пасля чаго ён зрабіў для мяне любоўнае загавор. Праз 48 гадзін муж сапраўды патэлефанаваў мне і сказаў мне, што ён так сумую па мне і дзецях, так дзіўна !! Вось так ён вярнуўся ў той жа дзень, з вялікай любоўю і радасцю, і папрасіў прабачэння за сваю памылку і за боль, які прычыніў мне і дзецям. Тады з гэтага дня наш шлюб стаў больш моцным, чым раней, усё дзякуючы доктару Осагіедзе. ён настолькі магутны, і я вырашыў падзяліцца сваёй гісторыяй у Інтэрнэце, што доктар Осагіедзе сапраўдны і магутны заклёншчык, які я заўсёды буду маліцца доўга жыць, каб дапамагчы сваім дзецям у час бяды, калі вы тут і вам патрэбен ваш былы назад ці ваш муж перайшоў да іншай жанчыны, не плачце больш, звярніцеся зараз да гэтага магутнага заклінальніка. Вось яго кантактны ліст па адрасе: doctorosagiede75@gmail.com альбо whatsapp па адрасе: +2349014523836
    або viber +2349014523836

    ОтветитьУдалить