пятница, 22 июля 2016 г.

Пяць прычын прачытаць новую кнігу Віктара Марціновіча

На мінулым тыдні ў продажы з’явілася новая кніга Віктара Марціновіча “Возера Радасці”. Прапаноўваем вашай ўвазе 5 прычын, чаму варта яе прачытаць.
Банальная
Напэўна, хтосьці дагэтуль не знаёмы з творчасцю папулярнага сёння беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча. Навошта адкладаць? Тым больш што, па словах самога аўтара, кніга “Возера Радасці” – “самы шчыры і самы дарослы раман з напісаных дагэтуль”. Выдатны варыянт для першага спаткання, праўда? Для аматараў жа творчасці Марціновіча ці для людзей, якія сочаць за сучаснай беларускай літаратурай, пятая кніга стане яшчэ адной добрай спадарожніцай на шляху штодзённасці.
Эстэтычная
Чытайце і атрымлівайце задавальненне не толькі ад трапных празаічных радкоў (дарэчы, пераклад на беларускую мову ажыццявіў Віталь Рыжкоў) і стылю ўвогуле, але і ад арыгінальнай вокладкі, праца над якой заняла два месяцы. Чорная фігурка дзяўчынкі, якая трымае Месяц у якасці паветранага шара, нібы згубілася на бялюткім фоне, што выклікае пачуццё безабароннасці і разам з тым – спадзяванні на нешта добрае. А на задняй вокладцы вы знойдзеце дакладную мапу размяшчэння таго самага Возера, што значыцца ў назве кнігі.
Глабальная
Сам В. Марціновіч распавёў, што новы раман – спроба падсумавання апошніх дваццаці гадоў развіцця нашай краіны. На старонках твора змясцілася маленькая эпоха, праходзячы праз якую, чалавек  непазбежна сталее. Гэтае сталенне поўніцца расчараваннямі, бутафорыяй і ўдарамі лёсу. І толькі Возера Радасці здольнае дапамагчы чалавеку не згубіць сябе канчаткова пры такім раскладзе.
Пазнаваўчая
Чаму Дзюймовачка катуе сыр? Хто выпраўляецца на цёмны бок Месяца да Возера Адзіноты? Чаго бракуе ўсім людзям? Якім чынам борхесаўская латарэя ў Вавілоне з’яўляецца ў жыцці асобы? Як называецца вялікая навала крумкачоў? Навошта чалавек з імем Рустэм згадвае Ніцшэ? Што такое “феміннае ёмішча маскуліннага граху”? Якія тры галоўныя пытанні лунаюць у паветры Мінску? Якая важная прычына сустрэць зімовы ранак на “Кастрычніцкай”? Адказы на гэтыя і не толькі пытанні чакаюць вас у тэксце В. Марціновіча.
Турыстычная
Разам з “Возерам Радасці” вы можаце здзейсніць унікальнае road movie, паглядзеўшы на Мінск, Тарасава, Малмыгі, Маскву і Вільню вачыма галоўнай дзейнай асобы кнігі. Вы зможаце адчуць атмасферу спалучэння, здаецца, неспалучальнага – савецкага духу і паганскай магіі, начных клубаў і жаданай цеплыні, раўнадушша людзей і надзеі на лепшае. І не забудзьцеся зачапіць позіркам Месяц! Пажадана – знайдзіце сілы трапіць да Возера Радасці, асабліва пасля ўсіх прыгодаў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий